Беларуская Служба

Беларускі ўрад плануе перайсці на папяровыя ўпакоўкі

27.07.2019 09:14
Дзеля паскоранага пераходу рыхтуюцца да прыняцця фінансавыя стымулы, паведамляе Белта.
Аўдыё

Урад Беларусі гатовы разгледзець фінансавыя стымулы для паскоранага пераходу на папяровую ўпакоўку. Пра гэта паведаміў прэмʼер-міністр Беларусі Сяргей Румас, наведваючы выстаўку, прысвечаную пытанням распрацоўкі тэхналогіяў і арганізацыі вытворчасці біяраскладанай упакоўкі.

Адным са стымулаў для вытворцаў экалагічнай упакоўкі могуць стаць танныя крэдытныя сродкі. У гэту нішу мог бы актыўней прыходзіць малы і сярэдні бізнес, лічыць Сяргей Румас. «Трэба, каб у гэтай сферы была канкурэнцыя, тады і з цэнамі будзе парадак», – адзначыў кіраўнік урада.

Канцэрн «Беллеспаперапрам» прадставіў прэмʼер-міністру магчымасці сваіх прадпрыемстваў па выпуску папяровых пакетаў і ўпакоўкі. Паводле слоў старшыні канцэрна Юрыя Назарава, «Беллеспаперапрам» гатовы павялічыць абʼёмы вытворчасці і цалкам пакрыць патрэбнасці краіны ў папяровых пакетах. Аднак для гэтага трэба, каб прадукт быў запатрабаваным на рынку. Пакуль поліэтыленавыя пакеты таннейшыя, а, значыць, папяровыя не могуць выцесніць іх хутка.

У Беларусі плануюць павялічыць да 50 працэнтаў долю камунальных адкідаў на перапрацоўку да 2035 года. Цяпер гэты паказнік трымаецца на ўзроўні 20 працэнтаў.

юл